ТУШАМЛІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 4—7 ст. н.э. жылі ў Смаленскім Падняпроўі і Падзвінні, на У Беларусі. Вылучана П.М.Траццяковым, назва ад гарадзішча-сховішча Тушамля на Смаленшчыне. Насельніцтва займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй; паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва мелі дапаможны характар; былі развіты таксама кавальская справа, здабыча і апрацоўка жалеза, каляровых металаў. Жыло ў селішчах і гарадзішчах-сховішчах у жытлах слупавой канструкцыі. У гарадзішчах-сховішчах знаходзіліся свяцілішчы, у цэнтры якіх стаяў высокі слуп з выявай гал. бажаства. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў урнах або без іх, у грунтавых акруглых ямах. Для Т.к. характэрны гліняны таўстасценны і слабапрафіляваны посуд высокіх прапорцый, жал. прылады працы (сярпы, сякеры, трохгранныя наканечнікі стрэл, лістападобныя наканечнікі коп’яў і інш.). Тушамлінскія плямёны былі на стадыі пераходу ад родавай абшчыны да тэрытарыяльнай сельскай. На Беларусі найб. даследаваны гарадзішча-сховішча Нікадзімава, гарадзішча і селішча Княжыцы. Большасць даследчыкаў лічыць, што Т.к. адносіцца да балцкага этнічнага масіву.
А.А.Седзін.
т. 16, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)